Народны музей баявой славыДУА «Сярэдняя школа №1 г. Шчучына»

Экспазіцыя і архіўныя матэрыялы адлюстроўваюць гісторыю Шчучыншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раздзелы экспазіцыі размяшчаюць успаміны відавочцаў пра пачатак вайны на Шчучыншчыне, архіўныя матэрыялы пра стан ваеннай тэхнікі на аэрадромах Шчучына, Жалудка напярэдадні вайны, пра таран варожага самалёта, які здзейсніў на Шчучынскай зямлі лётчык Пётр Кузьмін, пра вязняў канцэнтрацыйных лагераў і гета, лёс яўрэяў Шчучына і Жалудка, падпольны і партызанскі рух на Шчучыншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Асобнае месца ў экспазіцыі займае матэрыял пра дзейнасць дэсантнага партызанскага атрада імя Камсамола Беларусі, камандзірам якога быў Анатоль Яўгенавіч Андрэеў. Тут змяшчаецца ўнікальны архіўны матэрыял, сабраны ў выніку перапіскі, а таксама матэрыялы сустрэч членаў савета музея з выдатнымі людзьмі раёна. Шмат архіўнага матэрыялу і каштоўных экспанатаў прадстаўлена ў экспазіцыі «Сёстры Хатыні», прысвечанай вёскам Зенякі і Агародзішча Шчучынскага раёна.

Сярод экспанатаў музея ёсць таксама медалі, ордэн удзельнікаў вызвалення Шчучыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, салдацкія лісты-трохвугольнікі, кнігі «Гнеўная Шчара» Сцяпана Пятровіча Шупені, камандзіра Шчучынскага партызанскага злучэння, і «Раскажы жывым» Давіда Захаравіча Кагана з аўтографамі.